СКУ́РА ШТУ́ЧНАЯ,
матэрыял прамысл. вытв-сці, які выкарыстоўваюць як заменнік натуральнай скуры. Паводле характару вытв-сці, тыпу матэрыялаў і вырабаў адрозніваюць С.ш. мяккія, цвёрдыя (тыпу кардону) і сінт. падэшвенныя матэрыялы; класіфікуюць таксама паводле прызначэння (абутковыя, адзежныя, галантарэйныя, дэкаратыўна-гаспадарчыя, тэхн. і інш.).
Мяккія С.ш. — пераважна мнагаслойныя рулонныя матэрыялы, якія маюць валакністую аснову (тканіна, трыкатаж, нятканыя матэрыялы і інш.) з нанесеным на яе палімерным (каўчукавым, поліамідным, полівінілхларыдным, нітрацэлюлозным і інш) ці сумешчаным (з сумесі асобных палімераў) пакрыццём У абутковай прам-сці для вырабу верху абутку шырока выкарыстоўваюць сінтэтычную скуру — С.ш. на нятканай аснове з порыстым вонкавым поліэфірурэтанавым пакрыццём, якая знешнім выглядам і ўласцівасцямі падобная на мяккую вырабленую скуру. Мяккія С.ш. выкарыстоўваюць таксама ў швейнай, скургалантарэйнай, паліграф. прам-сці. Цвёрдыя С.ш. — адна- ці мнагаслойныя ліставыя матэрыялы, якія вырабляюць праклейваннем суспензіі скураных і раслінных валокнаў (размолатыя адходы гарбарнай, абутковай, швейнай вытв-сці, утылю) пераважна латэксамі сінтэтычнымі з наступнай апрацоўкай паводле тэхналогіі, блізкай да тэхналогіі вытв-сці паперы і кардону. Моцныя, устойлівыя да сцірання, захоўваюць фіз.-мех. ўласцівасці ў намочаным стане. Выкарыстоўваюць для вырабу ўнутр. (вусцілкі, заднікі) дэталей абутку, дарожных сумак і чамаданаў. Сінтэтычныя падэшвенныя матэрыялы выкарыстоўваюць для вырабу падэшваў, падноскаў, абцасаў, набоек. Да іх адносяць падэшвенную гуму — фармаваныя і штампаваныя дэталі і пласціны порыстыя (гл. Сітаватая гума) і маналітныя, а таксама фармаваныя дэталі з пенаполіурэтанаў і падэшвы з тэрмапластаў і тэрмаэластапластаў. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
т. 14, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)